Государственное учреждение "Брагинский районный центр гигиены и эпидемиологии"

Здоровые города и поселки

 
12 января 2026 г.

Канец снежня і пачатак студзеня падарылі жыхарам Брагіна цудоўную нагоду для актыўнага адпачынку. А якая ж зіма без традыцыйнага хакея? З надыходам халадоў на лёд выйшлі аматары гэтай дынамічнай гульні. Каток ДЮСШ стаў цэнтрам, дзе сустракаюцца спартсмены розных узростаў.

Хакейны сезон у райцэнтры стартаваў у канцы снежня. Нягледзячы на кароткі тэрмін, нашы спартсмены паспелі правесці некалькі трэніровак і нават двойчы сустрэцца ў таварыскіх матчах з камандай Хойнік.

Першая гульня, якая прайшла ў напружанай барацьбе, завяршылася перамогай брагінчан з лікам 8:4. У другой сустрэчы ўдача была на баку гасцей. Хойніцкія спартсмены змаглі ўзяць рэванш, абыграўшы гаспадароў лёду з лікам 7:9.

Як расказаў адзін з брагінчан Андрэй Грышаненка, прычынай паражэння стала гульня без замен. У першым перыядзе землякі дамінавалі на лёдзе, закінулі тры шайбы. А ў другім сілы пачалі іх пакідаць, што не магло не адбіцца на выніку.

– Узровень гульні хойніцкіх хакеістаў добры, – прызнаўся Андрэй Мікалаевіч. – Нам ёсць чаму ў іх павучыцца. Але і нам ёсць што паказаць. У нашай камандзе шмат маладых, перспектыўных хлопцаў, якія гараць жаданнем развівацца і вучыцца новаму.

Сапраўды, таленты ёсць. Данііл Даўжанок і Дзяніс Цалуйка – імёны, вядомыя ў хакейных колах. У 2024 годзе яны сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба».

На матчы і трэніроўкі многія прыходзяць сем’ямі. Для іх хакей – гэта не проста гульня, а частка жыцця. Бацькі юных спартсменаў сюды накіроўваюцца, каб падтрымаць сваіх дзяцей, раздзяліць з імі радасць перамог і горыч паражэнняў. А для юных балельшчыкаў гэта выдатная магчымасць далучыцца да спорту, вырасці на правільных звычках і палюбіць здаровы лад жыцця.

Як адзначыў Андрэй Грышаненка, традыцыя гуляць у хакей у раёне зарадзілася дзякуючы дырэктару ДЮСШ Уладзіміру Корхаву, які сам выходзіў на лёд разам з выхаванцамі. Зараз традыцыю працягваюць маладыя трэнеры і энтузіясты, якія імкнуцца развіваць гэты від спорту.

У планах – пашырэнне геаграфіі таварыскіх матчаў і далучэнне да ўдзелу ў іх новых каманд.

Андрэй Грышаненка расказаў, што сочыць за поспехамі беларускага хакейнага клуба «Дынама–Мінск», які выступае ў КХЛ.

– Каманда дэманструе сваю лепшую форму, знаходзіцца ў тройцы лідараў Заходняй канферэнцыі, – адзначыў ён. – Вядома, я балею за нашых і жадаю ім добрай гульні.

Пры гэтым сам Андрэй Мікалаевіч прызнаецца, што больш любіць гуляць у хакей, чым глядзець яго па тэлевізары. Ён лічыць, што нішто не параўнаецца з адчуваннем барацьбы і радасці перамогі менавіта на лёдзе.

МАЯК ПАЛЕССЯ



Вернуться в раздел Здоровые города и поселки

Помощь людям в трудной жизненной ситуации